Новости
Лагвінец намераны падаваць у суд на ЦВК
У Цэнтарвыбаркаме другі дзень разглядаліся скаргі прэтэндэнтаў у кандыдаты на рашэнні Акруговых выбарчых камісій па іх нерэгістрацыі.
На думку вылучэнца па Сухараўскай выбарчай акрузе №102 Алеся Лагвінца, акруговая выбарчая камісія паставілася да пададзеных ім дакументаў прадузята і цалкам фармальна, палічыўшы чыста тэхнічную памылку ў дэкларацыі, якая не ўплывае на яе канчатковыя лічбы, за істотную недакладнасць. Палітык у сваёй скарзе прасіў адмяніць рашэнне акруговай камісіі і зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты па Сухараўскай акрузе.
– Памылкова не пазначаная сума ў памеры 251,72 еўра у агульнай суме даходаў маёй дэкларацыі ўлічаная! Я да сваёй скаргі ў ЦВК дадаў копіі усіх банкаўскіх дакументаў, а таксама даведку з падатковай інспекцыі, якія падцвярджаюць маю правату, – кажа Алесь Лагвінец.
Пазіцыю палітыка падтрымала эксперт ЦВК, якая рэкамендавала зарэгістраваць Алеся Лагвінца. Аднак пасля выступу палітыка, дзе ён, прывёўшы факты, нагадаў прысутным пра тое, што ЦВК з кампаніі ў кампанію хавае звесткі пра афіцыйныя вынікі галасавання па кожным участку. Кажучы, што Выбарчы кодэкс не абавязвае яе гэта рабіць, ЦВК парушае асноватворны юрыдычны прынцып: «не дазволена толькі тое, што забаронена». У прыватнасці, парушаецца артыкул 34 Канстытуцыі, артыкулы 13 і 74 Выбарчага кодэксу.
Алесь Лагвінец адзначыў, што у склад акруговых і ўчастковых камісіяў наўмысна не дапускаюцца прадстаўнікі ад грамадзян. Калі ЦВК адмаўляецца пасля выбараў даваць вынікі па кожным участку ў краіне, гэта значыць, што у нас няма транспарэнтнасці выбараў.
“Нельга ніколі выхоўваць Цэнтральную камісію”, – рэзюміравала Лідзія Ярмошына і паставіла пытанне пра тое, каб пакінуць у сіле рашэнне акруговай камісіі на галасаванне. 9 чалавек з 12 выказаліся супраць рэгістрацыі Алеся Лагвінца.
Алесь Лагвінец намераны абскарджваць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.
Прэс-служба Руху "За Свабоду"
