Новости
Беларусаў могуць адправіць ваяваць
Беларусь падпісала дамову аб калектыўнай бяспецы з шэрагам былых краінаў Савецкага Саюзу ў 1993-м годзе. Тады ў АДКБ ужо ўваходзілі Расія, Арменія, Казахстван ды Кіргізія. Такая замінка тлумачылася тым, што ўваходжанню нашай краіны ў гэтую арганізацыю пярэчылі дэпутаты Вярхоўнага Савета ад БНФ і сам старшыня парламенту Станіслаў Шушкевіч.
- Я быў катэгарычна супраць і гэта была адна з прычынаў маёй адстаўкі. На маё пераканнанне, гэта пярэчыць нашай Канстытуцыі, нават сённяшняй. Беларусь імкнецца да нейтральнасці. Якая ж тут нейтральнасць пры ўваходжанні ў АДКБ?
А вось тагачасны міністр абароны Беларусі Павал Казлоўскі быў прыхільнікам уваходжання Беларусі ў арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Ён браў удзел у паседжанні АДКБ у 1995 годзе.
- Я быў прыхільнікам гэтага падыходу, каб аб’ядналіся былыя краіны Саюзу, што сталі самастойнымі. У той час ствараць свае ўзброенныя сілы было цяжка і такая кааперацыя мусіла быць.
Станіслаў Шушкевіч лічыць меркаванне Паўла Казлоўскага памылковым.
- Вельмі паважаю Паўла Паўлавіча, але я ўсведамляў болей, што такое АДКБ. Фактычна гэта новая Варшаўская дамова, у які была ўцягнута Беларусь. І наша краіна павінна падпарадкоўвацца Маскве.
На паседжанні АДКБ 5 верасня мае быць абмеркавана ваенна-палітычнай абстаноўка ды меры па нейтралізацыі выклікаў ды пагрозаў калектыўнай бяспекі. Вядома ж, адной з тэмаў мае быць грузінска-расійскі канфлікт, якую прапанаваў унесці на разгляд Лукашэнка. Ён ужо даў зразумець: Беларусь падтрымае пазіцыю Расіі адносна прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі.
А напярэдадні саміту АДКБ міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў ужо заявіў пра адназначную пазіцыю Белаусі па гэтым пытанні.
- Мы лічым, што прымяненне ваеннай сілы Грузіяй справакавала гэту сітуацыю, якая мае, да жалю, доўгатэрміновыя міжнародныя наступствы. Мы лічым, што далейшыя дзеянні мусяць рабіцца на аснове міжнароднага права. З намі салідарныя ўсе ўдзельнікі АДКБ і Расія.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі называе фармулёўку беларускага боку адпрацаванай:
- Яна дазваляе беларускаму кіраўніцтву яшчэ трохі пацягнуць рызіну, таму што пытанне аб прызнанні незалежнасці вельмі вострае ў кантэксце перспектыў нармалізацыі стасункаў з Захадам.
Назіральнік мяркуе, што з Лукашэнкам у Маскве можа быць асобная размова:
- У кулуарах гэтага саміту можа быць “індывідуальная праца” з беларускім кіраўніком, каб ён у большай ступені выявіў саюзніцкія пачуцці і пайшоў далей, чым іншыя ўдзельнікі гэтага блоку. Аргументы вядомыя – кошты на газ ды іншы комплекс эканамічны преферэнцыяў.
Эксперты мяркуюць, што пры такой раскладцы Беларусь можа быць уцягнутая ў магчымыя ваенныя канфлікты ў гарачых кропках у Азіі. Кажа экс-міністр абароны Павал Казлоўскі.
- Сама арганізацыя патрэбная гэтым краінам. Іншая справа – ці ўдзельнічаць ім у канфліктах. Тут ужо рашэнне мусіць прымаць кожная краіна. Я не выключаю, што Беларусь, як саюзнік Расіі ды ўдзельнік АДКБ, можа быць уцягнутая ў гэта.
Станіслаў Шушкевіч таксама бачыць тут небяспеку ўцягнення Беларусі ў расійскую палітычную гульню. На думку палітыка, трэба паступова адыходзіць ад гэтай заганнай пазіцыі. Варта нагадаць, што Беларусь – адзіная краіна Ўсходняй Еўропы, прадстаўленая ў АДКБ. Украіна туды не ўваходзіць, а Азербайджан і Грузія выйшлі з гэтай арганізацыі дзевяць год таму.
Радыё Рацыя
